Новости проекта
Обязательно к прочтению
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Музей

Дата: 12 сентября 2023 в 14:09, Обновлено 12 сентября 2023 в 14:13

Гістарычна-краязнаўчы музей ДУА “Іванская сярэдняя школа Чашніцкага раёна” “Гісторыя Іванскага краю” знаходзіцца на першым паверсе вучэбнага корпуса ў асобным памяшканні агульнай плошчай 50 кв.м. Адрас: аг. Іванск, д.30а, Чашніцкага р-на. Профіль музея – комплексны (краязнаўчы). Музейныя экспазіцыі размешчаны на спецыяльных стэндах і ў вітрынах, а таксама ў макеце “Сялянская хата”. Вокны застаўлены шклянымі вітражамі. Памяшканне ацяпляецца школьнай ацяпляльнай сістэмай. Тэмпературны рэжым адпавядае ўмовам захавання музейных экспанатаў, памяшканне закрываецца на замок, у школе маецца начны вартаўнік, а днём побач знаходзіцца пост дзяжурных тэхнічных работнікаў школы.

Музей заснаваны 20 лістапада 1998 г. загадам па школе № 31.  Кіраўніком музея з моманту яго заснавання і да сёняшняга часу з’яўляецца настаўнік ДУА “Іванская сярэдняя школа Чашніцкага раёна”  В.В. Грыбко. На 28.03.2023 г. у музеі налічваецца 303 экспанаты асноўнага і 66 дапаможнага фондаў.

Асноўныя накірункі дзейнасці музея:

-Камплектаванне і апрацоўка матэрыялаў музея.

-Навукова-даследчая работа.

-Экскурсійная работа.

-Выхаваўчая і прапагандысцкая работа.

-Кіраўніцтва работай музея і вучоба актыва.

      У музеі 7 раздзелаў, у якіх прадстаўлена гісторыя Іванскага краю:

1. Першабытныя лад.

2. Іванск у эпоху сярэднявечча.

3. Этнаграфічны раздзел “Беларуская хатка”.

4. Іванск у к.ХVІІІ –пач. ХХ ст.

5. Вялікая Айчынная вайна.

6. Калгаснае будаўніцтва.

7. Гісторыя школы.

Першы раздзел музея прысвечаны першабытнаму ладу на тэрыторыі Іванскага сельсавета, змяшчае археалагічную карту з абазначэннем усіх помнікаў археалогіі, фотаздымкі гэтых помнікаў: каменных крыжоў на могільніку ў в. Дзямідавічы, курганнага могільніку Х ст. ва ўрочышчы “Барок”, гарадзішча ў в. Сялец, селішча каля в. Падрэзы, гарадзішча каля в. Вядрэнь. Тут жа вы можаце пабачыць калекцыю разнастайных каменных прылад працы, знойдзеных на тэр. Іванскага с/с, падзівіцца майстэрству нашых продкаў, а таксама зазірнуць на мільёны гадоў назад, азнаёміўшыся з калекцыяй акамянеласцей жывых істот, якія калісьці жылі на дне дагістарычнага мора, якое пакрывала ўсю тэрыторыю нашага краю.

 Другі раздзел музея прысвечаны эпосе сярэднявечча і знакамітай Ульскай бітве, якая адбылася непадалёк ад Іванска ў 1564 г., калі войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Рудога і Рыгора Хадкевіча поўнасцю разграміла маскоўскае войска пад кіраўніцтвам В. Шуйскага. 1564 г. з’яўляецца афіцыйнай датай, калі ўпершыню ў гістарычных дакументах узгадваецца вёска Іванск, якая належала манастыру Св. Іаана, які знаходзіўся непадалёк ад Полацка. Магчыма, адсюль і пайшла назва нашай вёскі. У раздзеле таксама прадстаўлены некаторыя прадметы побыту эпохі сярэднявечча: шкляныя бранзалеты, кафля, рэшткі дзіцячага скуранога абутку, касцяны грэбень, перададзеныя ў дар аддзелам археалогіі НАН Беларусі   і інш.

Этнаграфічны раздзел музея ўяўляе сабой макет сялянскай хаты ў натуральную велічыню з прадметамі побыту і паўсядзённага ўжытку, а таксама прыладамі працы, якімі карысталіся нашы продкі на працягу стагоддзяў. Вы даведаецеся пра жыццё, побыт, абрады, традыцыі і заняткі нашых продкаў.

  У гэтым раздзеле вы зможаце пабачыць шэраг унікальных прадметаў, пра прызначэнне якіх вы наўрад ці ведаеце і, спадзяемся,  вам будзе цікава і карысна даведацца.

Чацвёрты раздзел нашага музея прысвечаны гісторыі роду Валадковічаў, які стала пражываў у Іванску з канца ХVIII ст. і які ўнёс значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё рэгіёну. Пры Валадковічах іванскі маёнтак стаў адной з самых перадавых гаспадарак у Віцебскай губерні. У ХІХ ст. у вёсцы працавалі спіртзавод, цагельня, млын, чарапічны завод, знаходзілася славутая стайня рысакоў. На працягу ХІХ ст. Валадковічы стварылі ў Іванску сапраўдны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў у сябе аднапавярховы палац, пабудаваны ў к.  ХVIII ст., двухпавярховы палац пач. ХХ ст., двухпавярховы будынак для пражывання абслугі з вялізнай сталовай залай для сезонных рабочых, шматлікія гаспадарчыя пабудовы, капліцу, аранжарэю, вялікі парк са шматлікімі алеямі, альтанкамі, газонамі. У парку былі пасаджаны разнастайныя дрэвы і кусты, уключаючы такія рэдкія для Беларусі пароды як лістоўніцу і тутавае дрэва. Усё гэта вы зможаце ўбачыць на макеце, шматлікіх фотаздымках, змешчаных у экспазіцыі, а таксама ў самім парку.

Пяты раздзел музея прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тут вы зможаце азнаёміцца з гісторыяй станаўлення і развіццця партызанскага руху на тэрыторыі нашага сельсавета, баявым шляху партызанскай брыгады “Дубава”, у якой змагалася каля 50 жыхароў Іванска і ваколіц, даведацца пра самаадданую дапамогу мірных жыхароў, якія як маглі набліжалі доўгачаканы час перамогі над ворагам, пра карныя аперацыі фашыстаў і палітыку “выпаленай зямлі”, паслухаць успаміны былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, пабачыць цікавыя экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны, даведацца пра савецкі і нямецкі самалёты, якія былі збіты і ўпалі на тэрыторыі нашага с/с.

   Шосты раздзел распавядае пра гісторыю калгаснага будаўніцтва, стварэнне першых калгасаў, іх станаўленне, пасляваеннае аднаўленне сельскай гаспадаркі. Сельсавецкія даведкі за 1924 г., з якімі вы можаце азнаёміцца ў экспазіцыі гэтага раздзела, яскрава перадаюць дух таго часу і з’яўляюцца выдатным пісьмовымі помнікамі тае эпохі. На стэндзе размешчаны фотаздымкі калгаснікаў – ордэнаносцаў, перадавікоў, старшыняў мясцовага калгаса, якія сваёй паўсядзённай працай стваралі дабрабыт краіны. 

Сёмы раздзел музея прысвечаны гісторыі школы ў Іванску, якая была заснавана яшчэ ў 1922 г. За гады свайго існавання школа некалькі разоў мяняла сваё месцазнаходжанне і статус, была пачатковай, няпоўнай сярэдняй, базавай, і, нарэшце, у 1989 г. стала сярэдняй. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі даваеннага будынка школы, які згарэў у гады ВАв, фота даваенных выпускаў Іванскай школы, фота настаўнікаў, якія ў розныя гады працавалі ў школе, успаміны некаторых з іх, фота выпускаў розных гадоў, а таксама школьныя ўзнагароды.

   Цікавым для гасцей нашага музея таксама стане наведванне рэшткаў палацава-паркавага ансамбля Валадковічаў, куды арганізуецца асобная экскурсія, аповед пра візіт на радзіму ў 2010 г. нашчадкаў гэтага славутага роду, прагулка па рэштках ліпавых алей, агляд векавых дубоў і лістоўніц.

                                                        

Найбольш каштоўныя экспанаты

1. Сякера каменная шліфаваная ІІ тыс. да н.э., захаванасць добрая, І/1 КМ ІСШ, №1

2. Рубіла каменнае шліфаванае ІІ тыс. да н.э., захаванасць добрая, І/3 КМ ІСШ, №3

3.Мянташка драўляная для вастрэння касы (пач. ХХ ст.), захаванасць добрая, ІІІ/57 КМ ІСШ, №57

4. Стол драўляны з шуфлядай пач. ХХ ст., захаванасць добрая, ІІІ/34 КМ ІСШ, №34

5. Самавар медны тульскі пач. ХХ ст., захаванасць добрая, ІІІ/40 КМ ІСШ, № 57

Поўны адрас музея 211153 аг. Іванск, вул Спартыўная, 30а, Іванск, Чашніцкі раён, Віцебская вобл.

Нумар тэлефона музея  6-49-82

Сардэчна запрашаем наведаць наш музей!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.